БЕНЗАРАЗДА́ТАЧНАЯ КАЛО́НКА,

помпавая ўстаноўка для водпуску бензіну і інш. відаў вадкага аўтамаб. паліва на аўтазаправачных станцыях (АЗС). Злучаецца трубаправодам з паліўнымі рэзервуарамі; колькасць бензіну, што адпускаецца, адмерваецца аўтам. лічыльнікам.

Аўтаматызаваныя бензараздатачныя калонкі маюць высокапрадукцыйныя помпы з выбуховабяспечнымі электрарухавікамі, лічыльнікамі сумарнай і разавай выдачы, мех. або электрамех. дазатарамі. Сучасныя бензараздатачныя калонкі абсталяваны электроннымі прыстасаваннямі для падсумоўвання аб’ёму і кошту паліва, што адпускаецца на працягу пэўнага часу кожнаму кліенту, які мае спецыяльна закадзіраваны ключ, у гэтым выпадку запраўляць аўтамабіль можна ў любым месцы, дзе ёсць такія бензараздатачныя калонкі.

т. 3, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)